Народжаныя, каб жыць

24 верасня 2022 г.
Народжаныя, каб жыць

Нядаўняя "частковая" мабілізацыя, што здарылася ў расеі - гэта, дакладна, працяг катастрофы. Увесь цывільны свет, які сочыць за падзеямі ў дачыненні да гэтай вайны, усё выразней бачыць, што штодзённая хлусня расійскай дзяржавы (у першую чаргу, у дачыненні да сваіх жа грамадзян) - гэта адзінае, ува што яны інвестуюць. Зараз я кажу не толькі пра такія рэчы, як "другая армія ў свеце", але і пра тое, што мэта кожнай заходняй дзяржавы - зруйнаваць расію ўшчэнт, і пра тое, што ў цябе ўсе будзе добра, калі ты не ідзеш насуперак уладзе. Але добра не было, і ўвогуле не будзе. Будзе толькі горш. І мне шкада, што народу прыходзіцца расплюшчваць вочы менавіта ў сітуацыі, калі ў іх ды іх блізкіх хочуць скрасці іхні побыт, лёс і жыццё.

Паўгода назад расія ўжо паказала, што жыцці ўкраінцаў для яе нічога не важаць. Зараз жа мы бачым, што ў дачыненні да ўласных грамадзян сітуацыя абсалютна тая самая. Ёсць вялікае жаданне адцягнуць статус кво, схаванае за нейкія геапалітычныя мэты расійскай улады, і гэта адзінае, што мае для яе сэнс.

На ўсім гэтым фоне мяне дадаткова пужае тое, што беларусам прыйдзецца дорага заплаціць за тое таннае паліва і тыя крэдыты, што панабіраў папярэдні ўрад. Дакладна бачна, што іх класічная "стратэгія" - рабіць выгляд, што яны лепшыя сябры - перастае працаваць, і можа здарыцца так, што плаціць прыйдзецца жыццямі маладых беларускіх хлопцаў.

Я павінен сказаць уголас тое, што кожны дзень кажуць іншыя беларусы: украінцы не былі дагэтуль, і дакладна ніколі потым не будуць нам ворагамі. Многія з нас маюць агульныя карані. Мы добра разумеем адзін аднаго і робім гэта без слоўніка. І мы дакладна вучымся ў іх таму, як рабіць дэмакратыю там, дзе яе даўнавата не было.